Беларуска Вікторыя Навіцкая – сястра добраахвотніка імя Кастуся Каліноўскага Яна Мельнікава. Былыя сукамерніцы кажуць, што Віку асудзілі на паўтара гады калоніі за тое, што яна сястра чалавека, які абараняе Украіну. Вось што пра Вікторыю кажа яе сукамерніца:
“Віка адбыла 26 сутак на ЦІПе, потым яе адпусцілі і праз два дні перазатрымалі, але ўжо па крымінальным артыкуле. Віка – юрыстка па працоўным праве, яна вельмі справядлівая і ўсіх падтрымлівала. У яе былі рэчы і гігіена і яна дзялілася з усімі. Яна ставілася да ўсіх аднолькава прыязна і добра. Калі ў мяне здарыліся панічныя напады, Віка мяне выцягвала з гэтага стану. Я страціла прытомнасць ёй на калені. Калі б не Віка, якая ведала што рабіць – я б памерла.
Віку ў камеры называлі шыншылай, таму што любіла перабіраць свае рэчы і шамацела імі. У яе ўсё было чысценька, памыла. Проста чалавек-шыншылка. Віка заплакала адзін раз – пасля суда. Калі ёй ад валанцёраў з Нямеччыны прыйшла пасылка. Яна была ў захапленні ад таго, што яе падтрымліваюць. Яна заўсёды казала, што яе атачаюць заўсёды цудоўныя людзі. Таксама яна гаварыла пра сваіх сукамерніц, заўсёды дзялілася з усімі. Неяк ёй прынеслі пакуначак з “Баўнці” і яна ўсім іх раздала. У Вікі рэўматоідны артрыт з самага юнацтва, але нягледзячы на гэта, яна кожны дзень займалася спортам. Яна схуднела кілаграм на шэсць і на суд ехала будоўняй.
У СІЗА часта людзі сыходзяць у сябе і ні з кім не размаўляюць. У Вікі не было такіх перыядаў. Яна трымалася вельмі ўстойліва, расказвала шмат гісторый, а яшчэ, яна любіць свайго мужа. На суд Віка ехала з адчуваннем, што яе не выпусцяць. І яе не выпусцілі. Пасля прысуду яна зайшла ў камеру і сказала “Паўтара гады калоніі”. Які кашмар.”