Марыне Каласковай 43 гады, жанчыну асудзілі на паўтара гады “хіміі” з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прычына крымінальнай справы – каментар у “Аднакласніках” у адрас кіраўніка раённага аддзелу ўнутраных спраў. Каментар “Паскуда, яна і ў Афрыцы паскуда” жанчына пакінула пад відэа з выявай сілавіка з надпісам: “Гэта я загадаў затрымліваць і збіваць мірных дэманстрантаў і журналістаў у Ганцавічах”. Першапачаткова ў жанчыны правялі дома ператрус і затрымалі на тры дні, узбудзілі крымінальную справу і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.
У судзе жанчына патлумачыла, што падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года знаходзілася ў Расіі, працавала на будоўлі. Пазней вярнулася ў Беларусь з прычыны неразумення з кіраўніком, які не хацеў аплачваць яе працу. Акрамя “хіміі”, суд пастанавіў, што палітзняволеная мусіць выплаціць 300 даляраў як маральную кампенсацыю пацярпеламу.