Беларусцы Хрысціне Васільковай 28 гадоў, у дзяўчыны двое непаўнагадовых дзяцей. Сама Хрысціна захапляецца вандроўкамі, займаецца зоаабарончай дзейнасцю разам са сваёй мамай Эльвірай. Разам з мужам яе затрымалі ў апошні дзень студзеня 2021 года і змясцілі ў СІЗА. Прычынай сталі фатаздымкі з мітынгаў пасля выбараў 2020 года. У Беларусі рэпрэсіі працягваюцца за 2020 год – людзей судзяць за фатаграфіі ў сацыяльных сетках з мітынгаў. Нагадаем, што ў мітынгах па ўсёй Беларусі бралі ўдзел каля паўмільёна чалавек. Дзяўчыну асудзілі на “хімію” з накіраваннем. А мужа на “хатнюю хімію”.
У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, і ў тэорыі чалавека могуць накіраваць на “хімію” ў той жа горад, дзе ён жыве – тады ён зможа працягваць працаваць на сваім ранейшым месцы. Калі ж чалавека адпраўляюць у іншы горад, то часцей за ўсё гэта нізкакваліфікаваная праца. Жанчыны ў асноўным працуюць прыбіральшчыцамі. Хрысціна разам с дзецьмі і мужам пакінула краіну.