У беларускі Ірыны Гарачкінай дзве непаўнагадовыя дачкі. Ірына гадуе іх сама. Жанчына на волі працавала настаўніцай, цяпер палітзняволеная шые ў калоніі форму для сілавікоў. Ірыне далі два гады калоніі за тое, што яна пакінула каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім. У каментары жанчына быццам заклікала выходзіць на вуліцы і апублікавала фатаздымак міліцыянта, які збіў пратэстоўца.
Ірына атрымала юрыдычную адукацыю, але працавала дызайнеркай і выкладала ў школе выяўленчае мастацтва. Таксама Ірына цікавіцца фатаздымкамі.
“Дачка дужа хвалявалася праз падзеі, якія адбываліся ў Беларусі пасля выбараў. Яна выходзіла на мітынгі, распаўсюджвала незалежныя газеты”, – кажа Валянціна, маці палітзняволенай.
Перад затрыманнем да Ірыны прыходзілі з вобшукам супрацоўнікі КДБ, і яны забралі ноўтбук і тэлефон. А пазней дзяўчыне патэлефанавалі сілавікі і сказалі прыйсці забраць тэлефон. Але з будынку Ірына так і не выйшла – жанчыну затрымалі па крымінальным артыкуле.