У жніўні 2020 года горад Берасце быў адным з самых пратэстных гарадоў: сілавікі збівалі і затрымлівалі сотні людзей. Па выніку гэта вылілася ў масавую крымінальную справу на 80 маладых людзей і адну жанчыну. Самай маладой абвінавачанай – 19 гадоў. Гэта Віталія Бандарэнка, якую асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па справе аб масавых беспарадках.
Віталія па адукацыі кухарка. Дзяўчына скончыла вучэльню і працавала ў кавярні. Але з-за пандэміі кавярні зачынілася і дзяўчына засталася без працы. І гэта першыя выбары Віталіі. Дзяўчыну гадавала бабуля, яна кажа, што яе ўнучка вельмі таленавітая.
“Я ж фактычна яе гадавала, яна ўмее і маляваць, і танчыць, і спяваць. Я падтрымліваю сваю ўнучку, тое, што яна выйшла на пратэсты – яна выйшла за справядлівасць, бо яе голас скралі. У нас уся сям’я не галасавала за Лукашэнку, галасавалі мы за Ціханоўскую” – кажа Марыя, бабуля Віталіі. Жанчына не можа адысці ад шоку дагэтуль. Марыя кажа, што на судзе яе ўнучка плакала і глядзела ёй у вочы.
Цяпер Віталія знаходзіцца ў жаночай калоніі агульнага рэжыму. Яна працуе на швейнай фабрыцы пры калоніі – шые форму сілавікам. Лісты ад дзяўчыны прыходзяць рэдка, але калі прабіваюцца, яны заўсёды поўныя стойкасці і аптымізму, гавораць яе сябры па перапісцы.