Першакурсніцу геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар’ю Чайко прыгаварылі да 2,5 гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Студэнтку абвінавачвалі па двух артыкулах: аб удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і аб публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Крымінальную справу аб абразе прадстаўніка ўлады завялі 19 сакавіка з-за каментара, у якім дзяўчына выказалася пра супрацоўніка Лідскага следчага камітэта. Дар’я папрасіла прабачэння ў следчага і выплаціла яму кампенсацыю, аднак 19 жніўня Гродзенскі абласны суд у выніку апеляцыі, у якой Дар’я прасіла не накіроўваць яе ва ўстанову адкрытага тыпу, пакінуў прысуд без зменаў.
У Беларусі існуюць папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. У такіх установах зняволеныя пражываюць у інтэрнатах і маюць доступ да інтэрнэта і электратэхнікі. Пры гэтым за імі ўсталяваны жорсткі кантроль – зняволеныя жывуць паводле графіку і працуюць на прадпрыемствах. У выпадку з абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, зняволены адзначаецца ў міліцыі і наведвае абавязковую працу, але без размяшчэння ў адмысловай установе. Нягледзячы на хваробу лёгкіх, з-за якой Дар’я нават брала акадэмічны адпачынак, дзяўчыну накіравалі на «хімію» ў Віцебск . На наступны дзень пасля прыбыцця яна захварэла ад сырасці і холаду. На 38 асуджаных жанчын ва ўстанове — дзве лядоўні, дзве пліты, адна душавая кабіна і дзве прыбіральні. У пакоях ад 6 да 12 чалавек. Гарачую ваду ўключаюць раніцай на дзве гадзіны, днём на тры і ўвечары на дзве, пліты таксама працуюць па гадзінах. Дзяўчат накіроўваюць на працу прыбіральшчыцамі (яны мыюць кабінеты, вагоны ў дэпо, камеры ў СІЗА) альбо на пільню. У асноўным яны атрымліваюць 400-500 рублёў. З іх больш за 50 рублёў ідзе на аплату інтэрната. У каго ёсць пазыкі ці аліменты – тыя аплачваюць яшчэ і гэта. Дар’ю, як палітзняволеную, адразу паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму. Яна спіць толькі на верхніх нарах і ў непрацоўны час кожную гадзіну ходзіць адзначацца ў камендатуру.