29 чэрвеня 2021 года ў мінскім аэрапорце затрымалі беларускую даследчыцу Таццяну Кузіну. У ліпені стала публічна вядома, што Таццяну падазраюць у «змове з мэтай захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357 КК), «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361), а таксама ў «дапамозе» ў здзяйсненні злачынстваў па дадзеных артыкулах. Таццяна Кузіна – экспертка і даследчыца ў сферы грамадзянскай супольнасці. Ёй пагражае да 12 гадоў калоніі. Беларускія палітолагі ўпэўненыя, што затрыманне Таццяны звязанае з адказам беларускіх уладаў на санкцыі Захаду. З ліпеня 2021 года практычна ўсе НДА і даследчыя цэнтры ў Беларусі былі ліквідаваны.
З моманту затрымання Таццяны Кузінай прадстаўнікі экспертнай супольнасці Беларусі і іншых краін выступілі са шматлікімі заявамі і адкрытымі лістамі, заклікаючы спыніць неапраўданы пераслед Таццяны, іншых экспертаў і грамадзянскіх актывістаў.
На пачатку ліпеня пратэст супраць самавольства беларускіх уладаў і затрымання Таццяны Кузінай выказалі сусветна вядомы палітолаг Фрэнсіс Фукуяма, прадстаўнікі Стэнфардскага ўніверсітэта і група міжнародных экспертаў.
«Арышт спадарыні Кузінай – шакуючы прыклад рэпрэсіўнай палітыкі цяперашняга беларускага рэжыму, накіраванай супраць прадстаўнікоў беларускай даследчай і экспертнай супольнасці. Мы, як даследчыкі і сябры глабальнай дэмакратычнай супольнасці, рашуча пратэстуем супраць гэтага адвольнага арышту і патрабуем неадкладнага вызвалення Кузінай.» – адзначалася ў заяве.