Беларуская палітзняволеная 37-гадовая Ксенія Луцкіна стала падазраванай у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады Беларусі. Жанчыну затрымалі яшчэ ў 2020 годзе на вачах яе сына-шасцікласніка Мацвея.
«Унук тады тэлефанаваў мне ўвесь у слязах, таму што ў дзверы біліся. Унук усё разумее, вельмі пасталеў пасля гэтага затрымання” – кажа Алег, бацька жанчыны. Сілавікі павезлі жанчыну на допыт, адкуль яна не вярнулася дадому і не вяртаецца ўжо больш за год. Ёй пагражае ад дзесяці да пятнаццаці год.
Ксенія Луцкіна 15 год працавала на дзяржаўным беларускім тэлебачанні. Яна займалася стварэньнем дакумэнтальных фільмаў, у прыватнасьці, на тэму Другой Сусьветнай вайны і Чарнобыльскай катастрофы. Праз падзеі 2020 года Ксенія звольнілася, бо не хацела працаваць на прапагандысцкім канале. У жніўні 2020 года Ксенія ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады – савета па перадачы ўлады, які быў створаны Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам.
“Ксенія хацела паказваць падзеі такімі, якія яны ёсць, гатова была сама выязджаць на маршы, весці адтуль эфіры, даваць сказаць думкі ўсім” – распавядае бацька Ксеніі. За што жанчыну затрымалі? Журналістка хацела стварыць альтэрнатыўны канал аб’ектыўных навін, збірала каманду былых працаўнікоў БТ. Ужо былі запісаны першыя сюжэты, стартаваць на YouTube канал мусіў у студзені 2021 года. Выпускі так і не выйшлі – жанчыну затрымалі 22 снежня 2020 года.
Зараз жанчына знаходзіцца ў СІЗА, кожны дзень ёй робяць абязбольваючыя ін’екцыі – у жанчыны запалілася пухліна галаўнога мозга. Па словах бацькі Ксеніі, у 2012 годзе ёй зрабілі сур’ёзную аперацыю – выдалілі пухліну. Яшчэ адзін наватвор застаўся, яго было немагчыма выдаліць. Цяпер ён і мучыць жанчыну.