Журналістку Аксану Колб затрымалі 20 красавіка 2022 года. У яе кватэру ўляцела група сілавікоў са шчытамі і кувадламі. Жанчыну адправілі на допыт у Следчы камітэт, адкуль яна не вярнулася. Пазней стала вядома, што Аксане прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Аксану змясцілі ў СІЗА.
Аксана Колб – галоўная рэдактарка беларускамоўнай газеты “Новы час”. Журналісты газеты «Новы Час» расказвалі пра берктаўцаў, якія пасля Майдану 2014 года пераехалі ў Менск і сталі часткай рэпрэсіўнай машыны беларускіх сілавікоў, у 2020 годзе газета асвятляла пратэсты і палітычныя затрыманні і самае важнае – газета заставалася адзінай незалежнай прэсай, якую маглі атрымліваць людзі ў турме.
У кастрычніку 2021 года рэдакцыю разграмілі: выданне вымушана ліквідавалі, тры журналісты газеты на той момант знаходзіліся ўжо ў турме, а сайт заблакавалі. Аксана Колб прынцыпова не хацела з’язджаць з Беларусі, яна казала: “У Беларусі, каб цябе пасадзілі ў турму, не трэба рабіць нечага супрацьзаконнага. Кожны з нас сёння, заўтра ці паслязаўтра можа аказацца ў турме. Але гэта не значыць, што мы мусім спыняць сваю працу”.
Аксана Колб узначальвала выданне з 2015 года. Калелгі кажуць пра яе як пра чалавека, які ўмее падабраць словы ў патрэбны момант.
“Яна ведала што сказаць і як сказаць, і заўжды гэта ў яе атрымлівалася сумленна. Калі было сумна, яна плакала, калі весела – смяялася.” – кажа пра калегу Крысціна.
Фатограф газеты Зміцер Дзмітрыеў кажа, што Аксана – сапраўдная журналістка, якой ніколі не будзе сорамна за сваю працу.