Беларусцы Рэгіне Лавор 51 год, жанчыну асудзілі на два гады “хатняй хіміі” за абразу дваіх супрацоўнікаў міліцыі – яна пакінула каментары пра іх у тэлеграм-канале. Пакуль Лавор адбывае пакаранне, да яе каля трыццаці разоў ужо прыходзілі супрацоўнікі з праверкамі. Адзін раз яе арыштавалі на 10 сутак за парушэнне парадку адбывання “хатняй хіміі”, у пратэст жанчына ў ізалятары аб’явіла галадоўку. Сама палітзняволеная кажа, што з ёй робяць гэта, каб паздзекавацца. Адметна, што ў жанчыны сын супрацоўнік МУС.
Рэгіна Лавор – стваральніца і першая дырэктарка музея нацыянальных культур у беларускім горадзе Іўе. Па адукацыі яна культуралагіня і музеязнаўца. Яна ведае ткацтва, валодае рознымі тэхнікамі вышыўкі (вышывае традыцыйна крыжыкам і роўняддзю, стужкамі, пацягам). Таксама валодае сучаснымі тэхнікамі і відамі творчасці, займаецца фларыстыкай, канзашамі (вырабы з атласа, стужак, якія адносяцца да жаночых і дзявочых упрыгожванняў).