Палітвязынкі

“Калі б не яна, я б, напэўна, з глузду з’ехаў”. Пра Юлію Юргілевіч

Юлія Юргілевіч – адвакатка з 18-гадовым стажам, добра вядомая як абаронца абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах. Юлію асудзілі на шэсць гадоў калоніі. Беларуская асацыяцыя журналістаў зрабілі тэкст пра Юлію. Мы перадрукоўваем яго.

Падабароннымі Юліі былі мастак Алесь Пушкін, музыка Ігар Банцар, студэнт Арцём Баярскі, блогер Vadimati і іншыя абвінавачаныя па палітычных справах.
Яе падабаронны Васіль, асуджаны па “справе Зельцэра”, называе Юлію “адвакатам і чалавекам з вялікай літары”. Ён дадае, што Юргілевіч заўсёды падтрымлівала тых, каго бараніла, папярэджвала, як на іх могуць уздзейнічаць.
– Калі б не яна, я б, напэўна, з глузду з’ехаў ад абсурднасці сітуацыі. Яна мне сказала ў першую нашу сустрэчу: «Не будуйце ніякіх надзей, вы сядзеце. За тое, каб вы селі на [тэрмін] паменш, мы пазмагаемся», – успамінае ён.
Юргілевіч працавала ў юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. 23 лютага мінулага года яе выключылі з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў «за непрафесіяналізм», расказвала сама юрыстка.
Адвакатка з’яжджала з Беларусі, а калі вярнулася ў Гродна ў канцы жніўня 2022 года, яе затрымалі. Дома ў Юргілевіч правялі ператрус, юрыстку змясцілі ў СІЗА.
На судзе Юргілевіч заявіла, што яе ўтрымлівалі ў «быдлячых умовах» і не давалі азнаёміцца са справай. Таксама Юлія на судзе была ў форме карцэра.

Адвакатку прыгаварылі да шасці гадоў калоніі нібыта за разгалошванне інфармацыі, звязанай з палітвязнем Алесем Пушкіным. Сёлета ў ліпені Алесь Пушкін памёр у турме.

Scroll to Top