Палітвязынкі

“Ніякія пытанні не былі для яе дурнымі”

Людміла Чэкіна – былая генеральная дырэктарка TUT.BY. Яе асудзілі на 12 гадоў калоніі. 13 ліпеня Людміле споўнілася 50 год.
Былая PR-менеджэрка TUT.BY Саша Пушкіна расказала, якой яна памятае Людмілу па працы і жыццёвых абставінах.

“Людміла Юр’еўна добры адкрыты чалавек. І гэта ніколькі не замінае ёй быць неверагодным кіраўніком. Яе прафесіяналізм немагчыма было падвергнуць сумневу. Па любым спрэчным пытанні заўсёды можна было прыйсці да Людмілы і зразумець як дзейнічаць, бо яна апроч кіраўніцкіх пытанняў разбіраецца і ў юрыдычных. Да яе нават у кабінет стукацца не трэба было, бо яна сядзела ў вялізным оупенспейсе з астатнімі калегамі. І ніякія пытанні не былі для яе дурнымі. Так што страху кіраўніка яна сапраўды не выклікала, толькі павагу. Цяжка ўспомніць дні, калі Людміла не ўсміхалася, яна заўсёды знаходзіла нагоду цешыцца, нават у цёмныя часы.
Людміла любіць сваіх гадаванцаў, газон побач з домам, яна даглядала там кветкі, любіць добрыя ідэі і рашучых людзей, любіць, калі чалавек нечым сур’ёзна захоплены. Запамінае гэта і потым заўсёды цікавіцца гісторыяй хобі. Людміла верыць, што калі марыць, то дакладна можна дабіцца многага.
У такой кампаніі як TUT.BY кожны дзень адбывалася нешта сур’ёзнае і здавалася, што Людміла ўжо нават не схільная стрэсам. Але калі нешта здаралася з кімсьці з каманды, то бачна было, што яна моцна перажывае. Асабліва моцна яе клопат я адчула сама, калі атрымала позву ў суд, бо працавала на пратэстах. Думаю, яе прапанова пагасцяваць некалькі месяцаў у яе дома дазволіла мне пазбегнуць досведу ў СІЗА. Шкада, што я не магу зараз паступіць таксама!”

Scroll to Top