Палітвязынкі

Пра Ірыну Славнікаву

Былая палітвязня Ганна расказала пра журналістку Ірыну Славнікаву. Ірына была затрыманая ў менскім аэрапорце, калі з мужам вярталася з адпачынку. Жанчыну асудзілі на пяць гадоў калоніі.

“Іра была ў іншым атрадзе, але мы былі ў адну змену, таму кожны дзень бачыліся на фабрыцы. Мы пазнаёміліся з ёю, калі ехалі на этап з Валадаркі ў Гомель.

Усе палітычныя былі ў кайданках, і нас было чалавек 20. Таму асобная прыгода як мы спраўляліся з нашымі торбамі ў кайданках. Кайданкі знялі толькі пад раніцу. Мы з Ірай ехалі ў калонію ў адным купэ. Кайданкі былі не вельмі туга зацягнуты і мы проста даставалі з іх рукі. Але гэта трэба было рабіць так, каб канваіры не заўважылі, і глядзець, каб кайданкі не зацягнуліся тужэй, і мы маглі хутка іх апрануць назад. Пацешна было назіраць збянтэжаныя твары канваіраў, калі яны бачылі дзяўчыну ў куртцы і кайданках, а праз 10 хвілін яна ўжо без курткі і ў кайданках. Спалі па чарзе, “вальтам”, бо месца для ўсіх легчы не было.

Іру павезлі ў Гомельскае СІЗА, а мяне адразу на Антошкіна. У калоніі мы з ёю сустрэліся ўжо пасля Новага года, гэта была вельмі цёплая сустрэча. На здароўе яна не скардзілася, з захапленнем асвойвала навыкі шыцця, заўсёды з усмешкай і пазітывам”.

Scroll to Top