Палітвязынкі

“У мяне адабралі сябра, нахабна выкраўшы пяць гадоў яе жыцця ні за што”. Пра палітвязня Вольгу Церах.

Беларуска Насця пазнаёмілася з палітвязняй Вольгай Церах на Акрэсціна. Дзяўчаты пасябравалі. Пазней Вольгу асудзілі на пяць гадоў турмы за тое, што яна павесіла нацыянальныя сцягі Беларусі і Ўкраіны на фасадзе дома. Пачытайце, што Насця расказала пра Олю:
“На Акрэсціна Оля трымалася і падтрымлівала ўсіх дзяўчынак. Жартавала аб тым, што ўспамінае песню “Yellow Submarine”, седзячы ў 15 камеры. Потым Олю затрымалі па крыміналцы. Сама Оля пісала ў лісце. што спачатку перажывала за ўсіх і за агульную сітуацыю. Перажывала таксама за бацькоў, бо ім таксама цяжка даводзіцца. Але пазней прыйшло разуменне, што ні на што яна паўплываць не можа, таму застаецца “дыхаць і медытаваць”. Яна вельмі стойкая і бойкая. Калі ў нас з ёй была размова пра эміграцыю (за пару месяцаў да яе апошняга арышту), яна казала, што Беларусь – яе радзіма, што яна нікуды не паедзе, хоць і магла б, калі б захацела.
Оля вельмі любіць сваю малую радзіму, мяне вучыла народным песням, расказвала пра іх традыцыі. Яна – чалавек без падвоху і падвойнага дна. Мне вельмі балюча ад таго, што ў мяне адабралі сябра, нахабна выкраўшы пяць гадоў яе жыцця ні завошта”.

Scroll to Top