Палітвязынкі

“А як яшчэ даказаць, што ты любіш сваю краіну?”. Палітвязынка Вольга Класкоўская пра палітвязынку Вікторыю Кульша

Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская ў сваіх турэмных дзенніках для “Новага часу” распавяла пра сваю сяброўку – палітвязынку Вікторыю Кульша. Вось яе ўспаміны:

“Віка адкрылася не адразу. Доўга да мяне прыглядалася, перш, чым зблізіцца. Вельмі неахвотна пра сябе распавядала, пра палітычную актыўнасць увогуле нічога не казала. Калі я запыталася, па якім артыкуле яе абвінавачваюць, адрэзала коратка і суха: «Пагроза нацыянальнай бяспецы». 

Разам з тым палітзняволеная з кожным днём паступова скарачала дыстанцыю паміж намі і мо праз якія тыдні два мы ўжо сталі сяброўкамі. 

У паперах, што Віка атрымала ад следчых, фігуравала каля дзесяці артыкулаў крымінальнага кодэкса, па якіх яе абвінавачвалі. Я чытала і не верыла сваім вачам. Чаго там толькі не было! Нават наркатычны артыкул 328 прышылі. 

— Хтосьці на цябе вельмі злы, Віка. Гэта штосьці асабістае, — кажу сяброўцы. 

— Гэта асабістая помста Карпянкова і Шведа. Яны ўспрынялі пэўныя мае дзеянні ў часе пратэстаў як асабісты выклік і асабістую абразу. Таму пасадзяць мяне надоўга, — падзялілася думкамі Віка. І ўсміхнулася. Яна ўвесь час усміхалася і ніколі не хандрыла. Абсалютна да ўсяго ставілася спакойна, па-філасофску і з усмешкай. 

Сяброўка — прафесійны юрыст. Гэтыя веды дужа дапамагалі за кратамі і самой Віцы, і ўсім іншым яе сукамерніцам, бо яна заўсёды адстойвала правы зняволеных — як на паперы, так і вусна, прыгожа і дакладна ўсё аргументавала з юрыдычнага пункту гледжання. Настолькі бездакорна, што служакі вельмі часта не ведалі, што ёй адказаць і маўчалі, як мыла з’еўшы. 

Адміністрацыя аднойчы абвінаваціла Віку ў спробе нападу на супрацоўніка. Хаця насамрэч (гэтая сітуацыя адбывалася на маіх вачах) сяброўка проста вылівала ў прыбіральню ваду з тазіка ў момант, калі ў камеру зайшоў карпусны. Палітзняволенай паставілі ў віну тое, што падчас знаходжання службоўца ў камеры яна не стаяла «по стойке смирно» з рукамі за спінай. Мы шчыра рассмяяліся, калі пачулі гэтыя бязглуздыя абвінавачванні. І Вікіных юрыдычных ведаў і хваткі хапіла для таго, каб пераканаўча патлумачыць служакам, што ўсё было не так. Ад яе адчапіліся. 

— Юра піша, каб ты не перажывала з-за прысуду. Усё роўна хутка ўсе будзем на волі. Ды і за такое і пасядзець не сорамна. А як яшчэ даказаць, што ты любіш сваю краіну? — сяброўка толькі што атрымала цыдулку з камеры, што знаходзіцца на паверх вышэй. Там сядзеў наш аднадумца, палітвязень, былы вайсковец. 

Перапісваліся з ім мы з дапамогай «каня» — самаробнага прыстасавання, што дазваляе праз вокны перакідваць цыдулкі з камеры ў камеру. 

— Ды я і не пераймаюся, усё акей. Затое будзе пра што ўнукам распавесці. І я хачу, каб яны нарадзіліся і жылі ў вольнай краіне, — адказала сяброўцы. Мы моцна абняліся. 

Неўзабаве мяне этапавалі ў гомельскую калонію. Я даведалася пазней, што абвінавачванне ў адносінах да Вікі перакваліфікавалі. Я ўздыхнула з палёгкай. 

Судзілі палітзняволеную ў выніку па адным артыкуле — 342-м. Далі два гады. Але, на жаль, гэтыя два гады ператварыліся ў пажыццёвае зняволенне. Сяброўку судзілі яшчэ два разы — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» і накінулі агулам яшчэ два гады.

Scroll to Top