Былая палітвязня Марына падзялілася, як яе падтрымлівалі ў СІЗА лісты:
“Падтрымлівалі больш за ўсё лісты, паштоўкі, пасылкі, бандэролькі – усё што дайшло. Мае сяброўкі, а потым і мама з татам “араматызавалі” свае лісты рознымі духамі. Таму што пах там усярэдзіне жудасны і ім прасякнута ўсё. І ліст, які пахне іншым светам, дапамагала зачыніўшы вочы перанесціся ў яго … Разглядала фотаздымкі, якія даслала мама, напэўна, кожны дзень. Пісала вельмі шмат – лістоў. Шкада, што шмат чаго не дайшло. Было балюча ад гэтага. Лепш бы пісала ў сваіх сшытках і потым перадала сваім сябрам і родным. Ну і кнігі ратавалі.Чытала, выпісвала з іх вершы, цытаты… Абмяркоўвала з дзяўчынкамі прачытанае. Адна наша сукамерніца не палітычная нават абуралася пару разоў, што не магу ніводнай кнігі прачытаць і не пракаментаваць яе (падколвала, што як мяне муж церпіць). Некаторыя дзяўчынкі не маглі чытаць, казалі, што думкі не даюць сканцэнтравацца на тым, што чытаеш, 2 старонкі – і зноў думаеш пра сваё”