У пачатку сакавіка Людміла Рамановіч накіравала ў адміністрацыю Лукашэнкі ліст, у якім выказалася супраць удзелу Беларусі ў вайне Расіі з Украінай. Праваабаронцы мяркуюць, што гэта магло стаць прычынай затрымання, але фармальна Людмілу судзяць за тое, што яна назвала Лукашэнку ўзурпатарам.
«Я, грамадзянка Рэспублікі Беларусь — палешучка. Нарадзілася ў 5 км ад украінскай мяжы, жыву ў 15 км ад украінскай мяжы. Усё жыццё гавару на дыялекце ўкраінскай мовы. З задавальненнем карыстаюся беларускай. Я бачу тую нябяспеку, у якую нас утравіў Пуцін са сваімі войскамі. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна Беларусь — не чый там дачны участак: каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую прыбраць чужую армію з Беларусі! Украінцы нам не чужыя. А такім, як я і спадар Лукашенка, варта падумаць, колькі ў нас украінскай крыві. Мне сорамна за тое, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў бок мірных людзей ва Украіне. Мне страшна, што беларускія сыны могуць быць пасланыя ў мясарубку. Палешук не павінен забіваць палешука з другога боку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны лічыць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам няма чаго дзяліць з украінцамі. У нас у кожнага ёсць свой кавалак зямлі. Мы ганарыліся добрасуседскімі адносінамі. Спадар Лукашенка пра тое не стамляўся гаварыць. Хачу каб спадар Лукашенка успомніў як ён абяцаў украінцам, што ніколі з боку Беларусі да іх ніхто не прыйдзе са зброяй. Мы не бандыты. Нашы дзеці не акупанты. Я хачу, каб маё патрабаванне і погляды былі пачуты і ў адміністрацыі прэзідэнта, і ў Беларусі, і ва Украіне. Я супраць любой вайны наогул.. А вайна з Украінай проста не дапушчальная. Я з імі адной крыві. Адной культуры і адной мовы» – пісала Людміла.
Людміла Рамановіч – вядомая на Брэстчыне актывістка ўкраінскіх і беларускіх грамадскіх і культурных ініцыятыў. Магчыма, пацярпела яна ў тым ліку і за гэта.