Палітвязынкі

Анастасія Кухарава

На жаль, тут пакуль без апублікаваных лiстоў.
Ты можеш напісаць першым.

Глядзі, як пішуць іншым:

Анастасія Кухарава скончыла філалагічны факультэт БДПУ па спецыяльнасці “руская і літоўская мовы”, і па студэнцкай праграме абмену ў Вільні мела ўсе магчымасці там застацца, але вярнулася ў Менск, бо вельмі любіла свой горад, у якім нарадзілася і вырасла. Наста працавала ў менскай сярэдняй школе №2 настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і ёй гэта вельмі падабалася, у яе добра атрымлівалася, і звальняцца яна не планавала.

Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў яна наўпрост сказала дырэктару аб дасканалай фальсіфікацыі і прывяла доказы. Пасля гэтага шанцаў застацца працаваць у школе ў Насты не было. Яе звольнілі ў адзін дзень з фармулёўкай “па ўласным жаданні”.

Наста – вельмі творчая. Яна піша вершы, малюе, запісвае песні і ўжо шмат гадоў вельмі цікавіцца анімэ. Гэтае яе захапленне і стала яе новай працай. У яе быў канал на TWITCH (міжнародная пляцоўка па трансляцыі відэа на гульнявую тэматыку), дзе дзяўчына вяла стрымы аб псіхалогіі, фільмах і камп’ютарных гульнях, агучвала анімэ, прымала ўдзел у конкурсах па стварэнні касцюмаў і вобразаў, пісала вершы, выступала на вечарах паэзіі. Будучы вельмі мэтанакіраванай і незалежнай, яна выдатна разумела, што каб чаго дамагчыся, трэба не спыняць развівацца, а вучыцца далей, і яна паступіла ў магістратуру на факультэт псіхалогіі, пачала пісаць магістарскую дысертацыю, паспяхова здала першую сэсію і на вакацыі з’ехала ў Маскву.

Нічога не прадвяшчала бяды. Ніякіх прадчуванняў. 31 студзеня дзяўчына мусіла вярнуцца ў Менск.

“Апошняе паведамленне, якое мне напісала дачка: “Мама, я ўжо ў Калодзішчах”. ….Не памятаю, колькі разоў я спрабавала ёй датэлефанавацца. Я тэлефанавала, тэлефанавала… бегала па пероне, маёй дачкі нідзе не было і ніхто нічога не бачыў. Раптам па яе нумары адказаў нейкі мужчынскі голас: “Аксана Пятроўна, ваша дачка затрымана як падазроная па крымінальным арт. 342, яе вязуць у РАУС. Чакайце, з вамі звяжуцца сьледчыя.” Я анямела. Толькі потым я даведалася, што яе жорстка затрымлівалі 6 чалавек з ГУБАЗіКу, рыхтавалі спецаперацыю. За некалькі дзён да гэтай падзеі затрымалі грамадзянку Расіі Веру Цвікевіч. Фота гэтай дзяўчыны, на якім яна стаіць на фоне Стэлы і вайскоўцаў каля калючага дроту, у жніўні 2020 года трапіла на вокладку “Камсамолкі”. Гэта было вельмі рэзананснае затрыманне. На той момант я ўжо ведала, што пасля гэтай дзяўчыны затрымалі яшчэ некалькі чалавек, якія трапілі падчас акцыі пратэсту з ёй на іншае фота. На той фатаграфіі была і мая Наста. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжо знялі з ёй агіднае пакаяльнае відэа, на якім збітая, заплаканая, шакаваная дзяўчына прызнаецца ў тым, што брала ўдзел у маршах і яшчэ бог ведае ў чым.

Пасля дзесяці дзён на Акрэсціна ў катавальных умовах, Насту перавялі ў СІЗА 1 на Валадарскага. Лісты ёй перадаюць толькі ад мамы і бабулі, ды і тое далёка не ўсё. На сённяшні дзень справа закрытая, і яна ў чаканні суда, дата пакуль невядомая” – кажа Аксана, маці Насты.

Scroll to Top