28 кастрычніка 2020 года беларускія сілавікі арыштавалі валанцёрку Telegram-канала «Кіроўцы 97%» Ганну Вішняк. Падчас арышту сілавікі выклалі з ёй відэа, на якім жанчына просіць прабачэння і плача, а таксама сілавікі і прапагандысты казалі, што Ганна нібыта раней займалася прастытуцыяй. Праваабаронцы лічаць гэта маральным ціскам на жанчыну. Ганна развозіла ваду пратэстоўцам, забірала людзей з пратэстаў, аднак следства прад’явіла ёй абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Пазней сілавікі затрымалі яшчэ траіх адміністратараў Telegram-канала «Кіроўцы 97%». Трое, разам з Ганнай, не прызналі віну і атрымалі па 2,6 гады калоніі агульнага рэжыму, адна фігурантка пайшла на супрацоўніцтва са следствам і атрымала тры гады “хатняй” хіміі.
Цяпер Ганна адбывае тэрмін у жаночай калоніі. Дзяўчына піша, што часу практычна няма, асабліва раніцай.
“Жыву са сталовай лыжкай у кішэні і зубной шчоткай у кішэні целагрэйкі. На зборы раніцай 15 хвілін. Замарудзілася з запраўкай пасцелі – значыць, спазнілася ў прыбіральню і памыцца і стала ў чаргу і прафукала тыя 2-3 хвіліны папіць кавы” – піша Ганна.
Ганна кажа, што ў жаночай калоніі ёй складана з соцыумам, таму дзяўчына больш аддае перавагу быць на працы. Працуе лякальшчыцай на швейнай фабрыцы. Ганне перасякацца з палітвязнямі нельга, у калоніі строга забаронена размаўляць з людзьмі, блізкімі духам адзін да аднаго. Памілаванне не падпісвала і не збіраецца.
“Я застаюся верная сваім перакананням! Успрымаю тут усё з цікавасцю! Вывучала сацыялогію ўплываў і стварэнне – укараненне ідэалогій, таму цікава паразмаўляць і ўбачыць на ўласныя вочы, як у калоніі ўсё ўладкавана і даведацца думкі людзей тут” – піша Ганна.