6 студзеня Марфе Рабковай споўнілася 27. Гэта яе другі дзень народзінаў у СІЗА.
Марфа (Марыя) Рабкова – адна з самых аўтарытэтных праваабаронцаў у Беларусі, не менш вядомая анархістка і зоаактывістка. Яна валанцёрыла ў прытулку для жывёл, а ў СІЗА ў яе вісіць фота яе ката Марфея. “Калі Машу адпусцяць, яна найперш пабяжыць ціскаць Марфея, а потым ужо астатніх” – жартуе муж Вадзім.
Разам з Марфай па справе праходзяць анархісты з “Рэвалюцыйнага дзеяння”. У справе 160 тамоў, яна заснавана на паказаннях, якія на яе давалі актывісты анархісцкага руху. Калі Марфа азнаёмілася з матэрыяламі справы, яна напісала, што “крыўда выпальвае яе знутры дашчэнту”.
“Здрада – самае цяжкае пачуццё ў турме,” – піша Марфа.
Пра гэта ведае і адміністрацыя турмы, якая кантралюе перапіску.
“Машы перадаюць лісты з волі ад жанчын, якія пішуць, як я ім падабаюся…”, – расказвае яе муж, Вадзім.
Каб павесяліць жонку, ён малюе ёй розных жывёл: катоў, сабак і нават медаеда и броняносца.
Да арышту Марфа была каардынатаркай валанцёрскай службы праваабаронцага цэнтра “Вясна”. Улады Беларусі пры кожных палітычных хістаннях грамяць офісы “Вясны” і ўзбуджаюць крымінальныя справы супраць праваабаронцаў цэнтра. У 2020 годзе за ўдзел у пратэстах пад рэпрэсіі трапілі сямёра з іх.
Падчас выбараў 2020 года Марфа збірала звесткі ад назіралькаў пра парушэнні, пазней – інфармацыю пра паседжанні і арышты, дзяжурыла ў судах. Увечары 17 верасня 2020 года яна была затрымана разам з мужам Вадзімам Жаромскім, у яе кватэры адбыўся вобшук, я даставілі ў ГУБАЗіК (аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю). Пазней Вадзіма адпусцілі.
Першапачаткова Марыя праходзіла па артыкуле пра фінансаванне масавых беспарадкаў. Але ў лютым 2021 года стала вядома, што Рабковай прад’явілі новыя абвінавачванні па 11 артыкулах крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (Падрыхтоўка і наўмыснае стварэнне ўмоў да ўдзелу ў масавых беспарадках); ч. 3 арт. 293 (Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці); ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт); 1 ст. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання); ч. 1 арт. 285 (Кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй); ч. 3 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці групай асоб); ч. 2 арт. 339 (Злоснае хуліганства); ч. 3 арт. 339 (Асабліва злоснае хуліганства); ст. 341 (Апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці); ч. 3 арт. 218 (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, ўчыненыя арганізаванай групай); ч. 2 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб). Цяпер Марфе пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
За час заключэння Рабкова страцила 20 кг вагі, медычную дапамогу ёй не аказваюць. У студзені 2020 года пмерла бабуля Марфы, 6 жніўня 20201 года – памёр ад раку бацька, на пахаванні да іх дзяўчыну не адпусцілі. Паводле законаў Беларусі, калі памірае блізкі родны зняволеных, іх у суправаджэнні канвою адпускаюць развітацца. Машы ў гэтым адмовілі.
З ліста Марфы Рабковай:
“Я расстаўляю на сваёй шконцы (заўы. турэмным ложку) фатаздымкі бабулі і бацькі, размаўляю з імі. Мне здаецца, у мяне едзе дах, але так мне лягчэй”.
У падтрымку Марфы Рабковай выказаліся праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH. Таксама ў 2020 годзе Марфа стала пераможцай у намінацыі “Праваабаронца года” (Нацыянальная прэмія за дасягненні ў сферы правоў чалавека, Беларусь).