Палітвязынкі

Таццяна Канеўская

На жаль, тут пакуль без апублікаваных лiстоў.
Ты можеш напісаць першым.

Глядзі, як пішуць іншым:

Гамяльчанцы Таццяне Канеўскай 55 гадоў, у яе чацвёра сыноў, малодшаму – 14. Па адукацыі Таццяна рэжысёрка, усё жыццё працавала педагогам-арганізатарам, вяла тэатральныя гурткі.

Канеўская ў Беларусі – з’ява: маці, якая выцягнула сына з турмы. Таццяна – адна са стваральніц руху “Маці 328”, які выступае супраць жорсткага пакарання па наркатычным артыкуле 328 крымінальнага кодэкса.

Пасля таго, як яе старэйшага сына Аляксандра асудзілі на 8 гадоў калоніі за набыццё марыхуаны, Таццяна ладзіла пікеты, аб’ядноўвала іншых такіх жа маці, у 2018-м была арганізатаркай бестэрміновай галадоўкі 11 жанчын: яна дамагалася сустрэчы з Лукашэнкам, якому хацела расказаць пра злоўжыванні сілавікоў (у Беларусі артыкул 328 называюць артыкулам для расправы над непажаданымі). У выніку Таццяне ўдалося дабіцца таго, што яе сыну тэрмін з 8 гадоў калоніі паменшылі да 3,5, а яна стала лідэркай ініцыятывы “Наша права”, якая распрацавала папраўкі ў антынаркатычны закон.

 У 2019 годзе Тацяна балатавалася ў парламент – не прайшла.

У 2020 годзе стала даверанай асобай Святланы Ціханоўскай у Гомелі.

 «Першы раз маці хацелі затрымаць увечары 6 жніўня. Яе не было дома. Нас з бацькам сустрэлі пад домам два міліцыянты. Яны задавалі пытанні, пасля з’явілася брыгада амапаўцаў, якія аблазілі ўсю хату ў пошуках мамы, потым прыехалі з ператрусам з КДБ… Яны да раніцы дапытвалі нас, дзе знаходзіцца мама. На наступны дзень з такім жа ператрусам прыйшлі да майго брата і да сяброў сям’і”, – расказвае Аляксандр, старэйшы сын Таццяны.

 8 жніўня 2020 года Канеўскую затрымлівала брыгада АМАПа з 18 чалавек.

10 жніўня быў суд па адміністрацыйным правапарушэнні, тады ж дадалі крымінальнае абвінавачанне.

Канеўскую асудзілі на шэсць гадоў адразу па двух крымінальных артыкулах – за ўдзел у масавых беспарадках і захоп будынкаў і збудаванняў.

У калоніі Таццяна, як і ўсе, працуе ў швейным цэху. Пабывала ў штрафным ізалятары – пакаранне доўжылася больш за 10 сутак. Як “злосную парушальніцу” адміністрацыя абмяжоўвае яе ў грошах на атаварку.

На пытанне, што любіць мама, яе сыны адказваюць – рыбалку і волю.

Scroll to Top