Вользе Філатчанкавай 42 гады.
Яна тая адзіная выкладчыца, якая праходзіць па “справе студэнтаў”.
У рамках гэтай справы аб’яднаны справы 10 маладых людзей – студэнтаў і нядаўніх выпускнікоў, і Вольгі, выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Філатчанкава выкладала на адной з самых прэстыжных кафедраў ВНУ – кафедры праграмнага забеспячэння.
У верасні 2020 года ў сумеснай відэазаяве выкладчыкаў супраць гвалту і рэпрэсій, Вольга выказалася ў абарону студэнта 4-га курса, сябра страйкаму Дзмітрыя Мазуры. Дзмітрыя за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі на 38 сутак. Зварот Вольга запісала па-беларуску.
12 лістапада 2020 года, “чорны чацвер”, да яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ, павезлі на допыт. Дадому Вольга Філатчанкава больш не вярнулася.
Суд адбыўся ў ліпені 2021 года, усім “змоўшчыкам” далі па 2,5 гады калоніі. Паводле версіі абвінавачання, Вольга, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, заклікала да беспарадкаў і каардынавала іх.
Пра свой прысуд жанчына пісала ў лістах “Ні разу не здзіўлена”.
Былыя калегі па ўніверсітэце ў падтрымку Вольгі не выказаліся.
Дзмітрый Мазура, за якога заступілася Вольга, адседзеўшы 38 сутак у СІЗА, выехаў у Вільню. Мяжу з Літвой хлопец перасёк на ровары. Пра Вольгу Філатчанкаву ўзгадвае так: “Яна супер вясёлая: як скажа што-небудзь на пары, дык усе ўгараюць. Заўсёды падтрымлівала і паважала студэнтаў, мы быццам былі з ёй на адной хвалі. Лепшага выкладчыка я не сустракаў”.
У Філатчанкавай двое дзяцей – 19-гадовы Іван і 8-гадовая Маша.
Воля і ўся яе сям’я захапляецца танцамі. Любоў да танцаў падтрымлівае яе і ў зняволенні: яна навучыла танчыць усю камеру.
Журналістка Каця Барысевіч, сукамерніца Філатчанкавай, узгадвае, што ім з Воляй наогул не даходзілі фота родных. Але аднойчы прыйшла газета “Новы час”, у якой было надрукавана інтэрв’ю з сынам Вольгі – Іванам, там жа быў яго партрэт. “Мы гэтыя нумары трымалі пад матрацам як самае дарагое,” – расказвае Барысевіч.
У калоніі Вольга працуе лекальшчыцай.