Ксеніі Сырамалот – 21. Яна студэнтка 4-га курса філасофскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прэс-сакратарка ЗБС (Задзіночання беларускіх студэнтаў/Асацыяцыя беларускіх студэнтаў).
На ўступных іспытах ва ўніверсітэт дзяўчына набрала максімальныя балы. Пра яе нават здымалі сюжэт на дзяржаўным тэлеканале.
Была валанцёркай у беларускім праваабарончым цэнтры “Вясна”. Улады Беларусі пры ўсіх палітычных хваляваннях грамяць офісы “Вясны” і ўзбуджаюць крымінальныя справы ў дачыненні да праваабаронцаў цэнтра. У 2020-м за ўдзел у пратэстах пад рэпрэсіі патрапіла сямёра. Але Ксенію арыштавалі ў рамках іншай справы – “справы студэнтаў”.
12 лістапада 2020 года, “чорны чацвер” – у гэты дзень супрацоўнікі КДБ схапілі 10 маладых людзей, студэнтаў і нядаўніх выпускнікоў, і адну выкладчыцу. Сярод затрыманых была і Ксенія.
Дзяўчыну спачатку павезлі ў КДБ, адтуль – у СІЗА. Пасля затрымання Ксеніі яе бацькі на працягу некалькіх дзён фіксавалі сачэнне і назіранне за домам.
Старэйшая сястра дзяўчыны – Кася, адна з вядомых рэпартажных фатографак у Беларусі.
Кася кажа пра Ксенію як пра чалавека з абвостраным пачуццём справядлівасці, якая “мусіла б выступаць у ААН”.
Ва ўніверсітэце Ксенія стварыла творчае аб’яднанне, дзе студэнты чыталі вершы і гралі на гітары. Яна і сама пісала вершы, публікавалася ў часопісе “Маладосць”.
У лісце з турмы яна даслала такія радкі:
На шэрых сценах:
За фарбай, на фарбе,
У змытым мастацтве
Чырвоным па беламу —
Беларусь Жыве.
Ва ўсмешках і слёзах,
У змораных вачах
(І ўсё роўна прыгожых),
У воклічах і песнях,
У мове і ў вершах,
У светлых людзях,
Што ў цёмных месцах, —
Беларусь Жыве.
У маленькіх аркушах паперы,
У цёплых сонечных слоўцах.
Беларусь надрапана на тынкоўцы,
Намалёвана ў самых таемных месцах —
Беларусь Жыве ў нашых сэрцах!
Усе фігуранты “справы студэнтаў” атрымалі па 2,5 года калоніі. Адміністрацыя перыядычна прапаноўвае Ксеніі напісаць памілаванне на імя Лукашэнкі. Дзяўчына адмаўляецца.