Ларыса Міхайлаўна Кузьменка – жыхарка Гомеля, былая супрацоўніца прадпрыемства “Гомельшпалеры”. Яе асудзілі за нібыта гвалт або пагрозу гвалту сілавікам. Раней Ларысу затрымлівалі за тое, што яна спявала афіцыйны гімн Рэспублікі Беларусь. Пасля ночы ў ізалятары і суда, нервовая сістэма не вытрымала і здарыўся зрыў. Следам трэба было лячэнне ў псіхіятрычным дыспансеры на працягу 2-х месяцаў з канчатковым дыягназам: «трывожна-дэпрэсіўны стан з сіндромам клаўстрафобіі».
Па крымінальным артыкуле за гвалт над сілавікамі за Ларысай прыйшлі проста на працу. Жанчыну асудзілі на два гады калоніі. Яна адбыла ўвесь свой тэрмін.
Палітвязні, якія былі разам з жанчынай у калоніі, называюць яе ранімай і спагадлівай. Жанчынай, якая прымае блізка да сэрца ўсё. Вядома, што падчас зняволення Ларыса вельмі пакутавала з-за растанні з каханым унукам.