Беларусцы Лідзіі Новік споўнілася ў турме 29 гадоў, а затрымалі яе за дзень да дня нараджэння. Пра затрыманне дзяўчыны родныя даведаліся з праўладных тэлеграм-каналаў. Лідзію ідэнтыфікавалі па адным з фота з маршу за свабоду, які праходзіў у Менску 16 жніўня 2020 года. На відэа дзяўчына кажа, што выйшла на мітынг “проста паглядзець”. На яе завялі крымінальную справу і змясцілі да суда ў СІЗА.
Лідзія – вядомая ў Беларусі рэкламная мадэль. Пачала займацца мадэльным бізнэсам у 14 гадоў. Прымала ўдзел у здымках беларускіх і замежных зорак. Увесь час удзельнічала ў паказах беларускіх дызайнераў. Фатаграфіі і відэа з яе ўдзелам былі развешаныя на білбордах па ўсім Менску. Сама Ліда па спецыяльнасці інжынерка-дызайнерка, але кар’еру дзяўчына працягвае будаваць у мадэльным бізнэсе. Білборд з яе выявай вісеў проста каля факультэта, на якім вучылася дзяўчына. Выкладчыца з універсітэта гаворыць пра Лідзію як пра ўсмешлівую і заўсёды ветлівую дзяўчыну. Лідзія прасядзела ў турме за фатаздымак тры месяцы, дзяўчыну прыгаварылі да трох гадоў “хіміі” з накіраваннем.