Яне Арабейка 20 гадоў, яна студэнтка трэцяга курса Беларускага педагагічнага ўніверсітэта, факультэт эстэтычнага выхавання.
Яе затрымалі 12 лістапада 2020 года проста ў інтэрнаце. Супрацоўнікі КДБ павезлі дзяўчыну на допыт, адтуль Яна не вярнулася.
Арабейка праходзіць па “Справе студэнтаў”, у яго рамках асуджана 10 маладых людзей – студэнтаў і нядаўніх выпускнікоў, а таксама выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Усім далі па 2,5 гады за “ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Блізкія Яны лічаць, што дзяўчына ніколі не была “баявой актывісткай”, на іх думку, яна проста з тых, хто ўмее адстойваць сваё меркаванне. Але менавіта Яна дабілася ад адміністрацыі ВНУ, каб да будынка ўніверсітэта праклалі асфальтавую дарожку, і студэнтам больш не даводзілася прабірацца праз бруд.
Улетку 2020 года дзяўчына далучылася да “Майстэрні паштовак салідарнасці – малявала паштоўкі для палітвязняў. “Бо яна ж мастачка, добра малюе,” – тлумачыць такое яе рашэнне блізкі сябар Яны.
Цяпер Яна адбывае тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі, працуе на швейцы.
Вяселле з асуджаным – гэта не проста маральная падтрымка ў жорсткай жыццёвай сітуацыі, але і магчымасць дадатковых спатканняў, каштоўнасць якіх для зняволенага каласальная. Шлюбы са зняволенымі – з’ява рэдкая, а са зняволенымі жанчынамі – амаль унікальная.
Яна Арабейка пакуль што адзіная дзяўчынка з палітычных, якая выйшла замуж у зняволенні. Янін хлопец, Валерый Тамілін, зрабіў ёй прапанову. Яны пазнаёміліся летам 2020-га, размаўлялі, сябравалі. Калі сяброўку затрымалі, Валера даведаўся праз сяброў тэлеграм яе сястры і лаканічна напісаў: «Я Валера, сябар Яны. Буду насіць перадачы». Сястра адказала: “Добра”.
Распісалі маладых людзей 27 студзеня 2022 года проста ў калоніі.
“Мы ўбачыліся на пару секунд у перагаворным – маленькім пакойчыку. Абняліся. Нас распісалі. Работнік калоніі спытаў у нас, ці добраахвотна мы бярэм шлюб. Я сказаў: “Так”. Яна сказала: “Так-так-так, вядома, давайце хутчэй”. Потым пацалаваліся – нам дазволілі. І зноў абняліся. Калі мы трымаліся за рукі, … нас нават не лаялі”.