Беларуска Дар’я Ціханава – актывістка, блогерка, вядомая як “Дафна”. У Instagram дзяўчына займалася асветніцкай працай, расказвала пра сэксізм і фемінізм. У яе было каля 10 тысяч падпісчыкаў. Цяпер яна ў калоніі працуе на швейнай фабрыцы, дзе зняволеныя жанчыны шыюць форму сілавікам. Дафну прыгаварылі да двух з паловай гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 2020 года.
“Я была каля “Рыгі” (гандлёвы цэнтр у Мінску), дапамагала будаваць барыкады, а жанчыны побач са мной крычалі лозунгі і ўцякалі ад бомбаў. Нас не менш, чым мужчын. Мы такія ж моцныя і смелыя. Мітынгі – не толькі падтрымка, але і патрабаванні. У нас звыклі, што жанчына заўсёды за спінай у мужчыны – толькі падтрымлівае, але не крычыць. Цяпер мы бачым зусім іншую карціну. Мне прыемна, калі побач крычаць: “Света наш прэзідэнт”. Так, без фемінітыву, але важны сам факт, што менавіта жанчына стала сімвалам свабоды. Мне вельмі прыемна” – распавядала Дафна да свайго затрымання.