Вікторыі Гранкоўскай – 25, дзяўчына вучылася на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, была старастай і выдатніцай.
У Беларусі ўсяго два архітэктурныя факультэты, паступіць складана, тым больш на бюджэт. Але для Гранкоўскай пра платную адукацыю не было і гаворкі: дзяўчыну і яе старэйшага брата Яўгена выхоўвала бабуля – бацькоў не стала, калі ёй было тры гады, бабуля працавала медсястрой у вёсцы ў Гарадзенскай вобласці.
Віка спачатку скончыла Гарадзенскі каледж мастацтваў, пасля яго паспела папрацаваць па размеркаванні – вучыла маляванню і лепцы дзяцей з інваліднасцю.
У верасні 2020 года Гранкоўская запусціла петыцыю, у якой заклікала адміністрацыю ўніверсітэта не адлічваць студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пратэстах і прасіла выкладчыкаў выступіць супраць гвалту. Пазней на адной з пратэстных акцыяў дзяўчыну затрымалі на 7 сутак. Пасля арышту, нягледзячы на хадайніцтвы выкладчыкаў, яе адлічылі.
Тады яна падала дакументы ва ўніверсітэт у Чэхіі і ўладкавалася на працу ў архітэктурнае бюро. У Вікі быў роўна адзін працоўны дзень – 12 лістапада, і калі яна выходзіла з офіса, яе затрымалі.
Гранкоўская стала адной з абвінавачаных па “Справе студэнтаў”, у межах якой асудзілі дзевяць студэнтаў розных ВНУ Менска, выпускніцу Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта і выкладчыцу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дзень 12 лістапада, калі адбыўся гэты масавы арышт, называюць “чорным чацвяргом”.
У СІЗА дзяўчыне прапанавалі напісаць памілаванне на імя Лукашэнкі, яна адмовілася.
“Яна вельмі справядлівая, Жанна Д’Арк такая. Ад Вікі ўвогуле ніколі не бываесумных лістоў, яна трымаецца стойка і бадзёра,” – кажа Яўген, брат Вікторыі.
У ліпені 2021-га Вікторыі, як і іншым студэнтам, далі 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму.
Апошняе слова Вікторыі:
«Мая бабуля заўсёды казала, што нельга цярпець гвалт і прыніжэньне ў сям’і. Беларусь для мяне – дом, а людзі ў ёй як вялікая сям’я. Я не прызнала віну, я не збіраюся прызнавацца ў тым, чаго не рабіла».
Цяпер Вікторыя працуе на швейцы. Бабуля жартам піша ўнучцы, што калі тая выйдзе, то дасць ёй рамяня.