Палітвязынкі

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава

На жаль, тут пакуль без апублікаваных лiстоў.
Ты можеш напісаць першым.

Глядзі, як пішуць іншым:

Марыя Калеснікава – флейтыстка, выпускніца Беларускай акадэміі музыкі і Вышэйшай школы музыкі ў Штутгарце (Германія).

Беларускія прапагандысты часта называлі Марыю “звычайнай флейтысткай” і казалі, што ёй няма месца ў палітыцы. Сама Калеснікава ставілася да падобных выказванняў з усмешкай.

“Толькі ў Беларусі ёсць стэрэатып, што палітыкай могуць займацца нейкія эфемерныя людзі з органаў”, – казала Марыя ў інтэрв’ю да жнівеньскіх падзей у Беларусі. Паводле словаў Калеснікавай, для яе няма розніцы, чым займацца – мастацтвам ці палітыкай, бо для рэалізацыі музычных і культурных праектаў у гэтай краіне шмат што мусіць змяніцца, каб Марыя і яе калегі маглі паўнавартасна займацца тым, што любяць.

Пасля выбараў 9 жніўня Калеснікава прынцыпова засталася ў Менску і стала чальцом Каардынацыйнай рады. У задачу рады ўваходзіла мірная перадача ўлады. Марыя неаднаразова выступала з патрабаваннем да Лукашэнкі вырашыць палітычны крызіс мірным шляхам. Яна выходзіла на маршы, размаўляла з сілавікамі і прасіла апусціць зброю і не ісці супраць беларусаў.

Марыю Калеснікаву скралі ў Менску ўранку 7 верасня. Праз суткі дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі, што яе затрымалі на мяжы з Украінай. Як распавялі яе паплечнікі, апазіцыянерку спрабавалі сілком вывезці з Беларусі, але яна парвала свой пашпарт. «Як толькі яна апынулася ў машыне і ўбачыла наперадзе свой пашпарт, яна адразу ж узяла яго і парвала на шмат дробных кавалачкаў. Гэтыя кавалкі яна ўзяла, пажмякала і выкінула ў вакно невядомым маладым людзям, якія стаялі вакол машыны», – сказаў Раднянкоў.

Адзін з палітвязняў Лявон Халатран, які раней працаваў у культурных праектах з Марыяй, пацвердзіў, што парваць пашпарт – гэта ў яе духу.

“Маша ўмее быць у меру жорсткай і прынцыповай. Калі я даведаўся, што яна гэта зрабіла, я быў у СІЗА. Даведаўся з выпуску навін – у нас быў тэлевізар у камеры. Прапагандысты распавялі ў сваім сюжэце пра пашпарт і Машу, і я разрагатаўся. Мяне яе ўчынак натхніў і вельмі падтрымаў” – кажа Лявон.

“У адносінах да мяне выказваліся пагрозы пазбавіць мяне жыцця, якія ўспрымаліся мною рэальна. У прыватнасці, заяўлялася, што ў выпадку, калі я добраахвотна не пакіну тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мяне ўсё роўна вывязуць: жывой ці па частках. Выказваліся і пагрозы пазбавіць мяне свабоды на тэрмін да 25 гадоў, стварыць праблемы ў месцах утрымання пад вартай, у месцах пазбаўлення волі, што я таксама ўспрымала як рэальнасць” – напісала Марыя ў скарзе ў пракуратуру і Следчы камітэт.

Калеснікаву з упэўненасцю можна назваць натхненнем беларусак. Тысячы жанчын у розных гарадах краіны выходзілі на маршы ў падтрымку Марыі Калеснікавай. На маршах гучалі лозунгі “Вярніце нашу Машу”, “Дзе наша Маша”, “Маша, трымайся”.

Пад час утрымання ў СІЗА, Калеснікавай абмяжоўвалі ліставанне і змяшчалі яе ў адзіночную камеру.

“Мае сукамерніцы – гэта кнігі найлепшых пісьменнікаў. Што казаць, калі я наўпрост маю зносіны з вялікім Арыстоцелем. А калі трэба расслабіцца – перачытваю Гары Потэра” – каментавала сваю адзіноту ў камеры Марыя. У СІЗА Калеснікава фарбавалася яркай памадай, апранала нагавіцы і кашулю. Займалася фітнэсам і прабежкамі ў турэмным дворыку.

Беларускі суд вынес ёй прысуд – 11 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле “Змова аб звяржэнні ўлады”. Марыя знаходзіцца ў жаночай калоніі. Працуе на швейнай фабрыцы.

“- Часы турбулентнасці, калі да іх правільна ставіцца, становяцца кропкай росту. Час, каб пачуць сябе, сабрацца з думкамі, навучыцца захоўваць энергію, сілы. Бо падобныя віхуры турбулентнасці могуць знесці ўсё, а можна іх энергію выкарыстоўваць для ўласнага росту і развіцця. Мне падаецца, што гэта ўніверсальны сакрэт, як выжыць самому і палепшыць глебу, калі ўсе віхуры ўлягуцца” – піша ў сваіх лістах Марыя.

Scroll to Top